ІНФАРМАЦЫЯ НАН Беларусі
для падрыхтоўкі стэндаў, якія плануецца размясціць на археалагічным комплексе на р. Менцы
|
|
- Агульная інфармацыя.
Археалагічны комплекс, вядомы як паселішча на рацэ Менцы, скаладаецца з умацаванага гарадзішча – дзядзінца, чатырох селішчаў, – пасадаў і некалькіх курганных груп, якія ўжо цалкам развораныя. Гарадзішча размешчана на правым беразе ракі Менкі (правы прыток ракі Пцічы). У яго склад уваходзяць дзве часткі – малое і вялікае гарадзішча. Малое гарадзішча знаходзіцца на мысе, утвораным зліццём ручая Дуная і ракой Менкай. Яно мае авальную пляцоўку памерам 80 х 16 м, невысокія валы акружаюць яго з трох бакоў. Вялікае гарадзішча прымыкае да малога з паўднёва-ўсходняга боку. Памер яго пляцоўкі 120 х 120 м. Гарадзішча з усіх бакоў акружана валам вышынёй 8–12 м, у якім маецца тры разрывы.
Чатыры селішчы знаходзяцца вакол гарадзішча. Селішча 1 непасрэдна далучаецца да гарадзішча з паўднёва-ўсходняга боку і аддзяляецца ад яго ровам. Яго плошча складае прыкладна 9 га. Селішча 2 размешчана з заходняга боку ад гарадзішча, на процілеглым, левым беразе ручая Дуная. Яго плошча не больш за 10 га. Астатнія два селішчы знаходзяцца на левым беразе Менкі. Гэтыя селішчы падзяляюцца ярам, верагодна, рэчышчам перасохлага ручая. Плошча селішча 3 прыблізна складае 6 га, а селішча 4 – 4 га. Сёння селішча 1 расхінаецца, астатнія трапілі пад забудову сучастнай вёскі Гарадзішча.
Упершыню на гарадзішча ў ХІХ ст. звярнуў увагу П. М. Шпілеўскі. У 1930 г. гарадзішча абследаваў краязнавец А. Рынейскі, які апісаў яго і зняў план. Першыя археалагічныя даследаванні ў 30-я гг. ХХ стст. тут праводзілі А. М. Ляўданскі і А. Д. Каваленя. Археалагічныя раскопкі гарадзішча аднавіў у 1954 г. А. Р. Мітрафанаў (даследавана плошча 160 м²). Больш маштабнае даследаванне комплексу праводзіў у 1963–64, 1967–68 гг. Э. М. Загарульскі (даследавана плошча больш за 600 м²). У 1969 г. М. А. Ткачоў ажыццявіў зачыстку заходняга профіля паўднёвага разрыву вала вялікага гарадзішча. З 1975 па 1983 гг. комплекс на рацэ Менцы вывучаў Г. В. Штыхаў (даследавана плошча больш за 2500 м²). З 1996 г. па 2000 г. даследаванне праводзіў Ю. А. Заяц (даследавана плошча 236 м²). У 2011–12, 2018, 2020–23 гг. археалагічны комплекс вывучае А. В. Вайцяховіч (даследавана плошча 830 м²).
У выніку было высветлена, што тэрыторыя, дзе знаходзіцца археалагічны комплекс на р. Менцы, была заселена яшчэ з эпохі мезаліту (8–5 тысяч год д.н.э). Жыццё тут працягвалася і ў эпоху неаліту, і бронзавага веку (5–2 тысячы год д.н.э.), пра гэта сведчаць знаходкі каменных сякер. У эпоху жалезнага веку было пабудавана малое гарадзішча. Адкрытыя селішчы з’явіліся ў ІХ–Х стст. У Х ст. селішча выконвала функцыю гандлёвага і рамеснага цэнтра вялікай вясковай акругі. Мяркуецца, што на мяжы І і ІІ тысячагодзяў н.э. было пабудавана вялікае гарадзішча і паселішча набыло асноўныя рысы, якія былі ўласцівы раннесярэдневяковаму гораду, – умацаваны дзядзінец, да якога далучаліся неўмацаваныя пасады. Магчыма, у гэтыя часы паселішча разам з акругаю ўваходзіць у склад Полацкай зямлі. Пра гэта могуць сведчыць знаходкі донцаў гаршчкоў з выявай трызубца – радавога знака князя Ізяслава Уладзіміравіча, сына полацкай княжны Рагнеды. Большасць вучоных прытрымліваюцца версіі, што паселішча на рацэ Менцы з’яўляецца летапісным горадам Менскам – цэнтрам Менскай воласці Полацкай зямлі, які атрымаў сваю назву ад ракі Менкі. Менавіта з гэтым паселішчам звязваюць падзеі 1067 г., згодна з“Аповесцю мінулых гадоў”: “У год 6575 (1067). Падняў раць у Полацку Усяслаў сын Брачаслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраслававічаў, Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, сабраўшы воінаў, пайшлі на Усяслава ў моцны мароз. І падышлі к Менску, і меняне зачыніліся ў горадзе. Браты ж гэтыя ўзялі Менск і перабілі ўсіх мужоў, а жонак і дзяцей захапілі ў палон і пайшлі к Нямізе…” Заняпад паселішча пачаўся ў канцы ХІ – пачатку ХІІ стст., калі на месцы ўпадзення ракі Нямігі ў Свіслач князям Глебам Усяслававічам быў пабудаваны новы горад, а Менская воласць зрабілася ўдзельным княствам.
Жыццё на паселішчы аднаўляецца ў XIV ст., калі на тэрыторыі гарадзішча ўзікае феадальная сядзіба, а само паселішча ператвараецца ў мястэчка. У метрыцы ВКЛ мястэчка пад назвай Гарадзішча ўзгадваецца пад 1547 г. Сядзібай у розныя часы валодалі прадстаўнікі родаў Статкевічаў, Палубінскіх і Пішчалаў. Адным з апошніх уладальнікаў сядзібы быў Рудольф Пішчала.
2. Вялікае гарадзішча.
Вялікае гарадзішча прымыкае да малога гарадзішча з паўднёва-ўсходняга боку. Памер яго пляцоўкі 120 х 120 м. Гарадзішча з усіх бакоў акружана валам вышынёй 8–12 м, у якім маецца тры разрывы, два з якіх з’яўляліся ўваходамі на тэрыторыю гарадзішча. З паўднёвага і ўсходняга бакоў прасочваюцца сляды рова, а паўночная частка вала акружана балоцістай поймай ракі Менкі. Мяркуецца, што валы былі збудаваны на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў н.э., калі Менская воласць зрабілася часткай Полацкай зямлі. У ніжняй частцы насыпу вала былі выяўлены зрубы, пабудаваныя з дубовых бярвён. Зрубы ставіліся ў два-тры рады адзін да аднаго ўздоўж трасы вала. Унутры яны былі шчыльна забіты пяском і суглінкам. Першапачатковая вышыня зрубнай абарончай сцяны была 4 м, а шырыня першапачатковага вала – 14 м. На вяршыні размяшчаліся драўляныя баявыя галерэі. На працягу ХІ ст. гэтыя ўмацаванні разбураліся ў выніку пажару і вал перабудоўваўся не менш за два разы. Пляцоўка гарадзішча была значна пашкоджана падчас будаўніцтва стадыёна ў 1967 г. У яе паўднёвай частцы культурны слой амаль цалкам быў знішчаны. У выніку археалагічных даследаванняў былі знойдзены развалы печаў каменак, фрагменты ляпных і кругавых гаршчкоў, фрагменты гліняных амфар, шыферныя прасліцы і кавалкі сланца, шкляныя пацеркі, металічныя ўпрыгажэнні, прылады працы і побытавыя рэчы. У ХІ ст. вялікае гарадзішча, верагодна, выконвала функцыю ўмацаванага дзядзінца старажытнага горада.
3. Малое гарадзішча.
Малое гарадзішча знаходзіцца на мысе, утвораным зліццём ручая Дуная і ракой Менкай. Яно мае авальную пляцоўку памерам 80 х 16 м (плошча 0,12 га), невысокія валы вышынёй да 0,3 акружаюць яе з трох бакоў. Ад вялікага гарадзішча пляцоўка малога гарадзішча раней таксама аддзялялася невысокім валам, гэты вал зараз незаўважны. Гарадзішча было пабудавана насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі ў жалезным веку на мяжы І тысячагоддзя д.н.э. і І тысячагоддзя н.э. Пазней, у V–VIII стст. яно выкарыстоўвалася ў якасці сховішча прадстаўнікамі плямён банцараўскай культуры. Трэба адзначыць знаходку пацеркі з егіпецкага фаянсу ІІ–ІІІ стст. У Х ст. гарадзішча магло выкарыстоўвацца ў якасці дзядзінца навакольнага паселішча. Знаходкі вялікай колькасці абпаленага зерня сведчаць пра тое, што ў ХІ ст. тут захоўваліся запасы збожжа. У выніку даследавання былі знойдзены каменныя жорны, шыферныя прасліцы, шкляныя пацеркі, ляпны і кругавы посуд, металічныя ўпрыгажэнні, прылады працы, побытавыя рэчы, дэталі конскана рыштунку і прадметы ўзбраення. З апошніх трэба адзначыць знаходку наканечніка похваў мяча.
4. Могілкі.
У 1975 г. у паўночна-заходняй частцы селішча 1 былі выяўлены сляды грунтовых могілак. Тады было даследавана 18 шкілетаў. Там былі пахаваны дарослыя і дзеці. У 2012 г. было даследавана яшчэ 5 пахаванняў. Усе яны знаходзіліся ў неглыбокіх ямах, закапаных у культурны слой селішча. Шкілеты ляжалі на спіне ў выцягнутым стане галавой на захад. Ніякага інвентару ў нябожчыкаў не было. У выніку даследавання суседніх аб’ектаў было высветлена, што ўсе знойдзеныя пахаванні належаць да могілак, якія функцыянавалі ў XV–XVI стст. у гэтай частцы селішча. Недалёка ад пахаванняў быў знойдзены цэлы гаршчок, у якім, верагодна, прыносілі на могілкі памінальную страву.
5. Селішча 1.
Селішча 1 непасрэдна далучаецца да гарадзішча з паўднёва-ўсходняга боку і аддзяляецца ад яго ровам. Яго плошча складае прыкладна 9 га. Яно выцягнута з захаду на ўсход уздоўж высокай надпойменнай тэрасы правага берагі ракі Менкі. З заходняга боку селішча ляжыць на высокім правым беразе ручая Дуная. У выніку шматгадовых даследаванняў былі знойдзены сляды сядзібнай забудовы Х–ХІ стст. Захаваліся развалы печаў каменак, падпольныя і гаспадарчыя ямы. Прасочаны сляды майстэрні, якая займалася вырабам прасліц з оўручскага сланцу (шыферу). У выніку даследаванняў знойдзены шматлікія фрагменты і цэлыя формы ляпных і кругавых гаршчкоў, у тым ліку фргаменты багата арнаментаванай амфары, фрагменты гліняных патэльняў. Вырабы з каменю прадстаўлены асялкамі, шыфернымі прасліцамі і жорнамі. Шматлікімі знаходкамі з’яўляюцца шкляныя пацеркі Х–ХІ стст., прывезеныя з краін усходу. Пра развіты гандаль сведчаць знаходкі сярэбраных арабскіх манет дырхамаў і вагавых гірак-разнаваг. Акрамя гэтага знойдзены жаночыя ўпрыгажэнні (падвескі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты) і элементы мужчынскага касцюму (фібулы, спаржкі, накладкі на пояс), прадметы хрысціянскага культу (нацельныя крыжыкі) з каляровых металаў. Шматлікія вырабы з жалеза прадстаўлены нажамі, крэсівамі, прыладамі працы, ключамі, сельскагаспадарчымі прыладамі і г. д. Сустаркаюцца рэчы конскага рыштунку (шпора, стрэмя, путы, дэталі бізуна), наканечнікі стрэл, колцы ад кальчугі. Знойдзеныя рэчы дэманструюць, што на селішчы пражывалі рамеснікі, гандляры, прадстаўнікі дружыны. Такі склад насельніцтва сведчыць пра гарадскі характар пасялення.
6. Селішча 2.
Селішча 2 размешчана з заходняга боку ад гарадзішча, на высокім правым беразе ракі Менкі і левым спадзістым беразе ручая Дуная. Яго плошча складае не больш за 10 га. Селішча ўпершыню пачало вывучацца ў 2020 г. У выніку даследаванняў былі выяўлены сляды сядзібнай забудовы і рамесных вытворчых комплексаў. На спадзістым беразе ручая Дуная былі знойдзены аб’екты і матэрыялы, якія адносяцца да ранняй стадыі засялення гэтай тэрыторыі ў ІХ–Х стст. славянскім насельніцтвам. У прыватнасці, былі выяўлены фрагменты ляпных гаршчкоў насельніцтва лука-райкавецкай і роменскай культур. У іншых частках селішча знойдзены сляды дзейнасці ганчара і рамесныя прылады для апрацоўкі каменю. Паміж шматлікіх фрагментаў гаршчкоў другой паловы Х–пачатку ХІ ст. на адным з аб’ектаў было знойдзена донца кругавога гаршчка з выявай трызубца – радавога знака князя Ізяслава Уладзіміравіча, сына полацкай княжны Рагнеды. Іншыя матэрыялы прадстаўлены глінянымі і шыфернымі прасліцамі, шклянымі пацеркамі, жаночымі ўпрыгажэннямі і элементамі мужчынскага касцюма з каляровых металаў, жалезнымі прыладамі і побытавымі рэчамі. Недалёка ад месца ўпадзення ручая Дуная ў раку Менку былі выяўлены сляды ювелірнай майстэрні, якая функцыянавала ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ стст. У выніку праведзеных даследаванняў былі знойдзены матрыцы для вырабу паясных накладак, фрагмент пярсцёнка з аблоем, літнікі, фрагменты тыгляў і глінянай ліцейнай фрмы, зліткі каляровых металаў. Акрамя гэтага знойдзены шматлікія свінцовыя гандлёвыя пломбы з выявамі княжацкіх знакаў, святых, літар. Адна з пломб з выявай мяча належала гародненскаму князю Усеваладу. Акрамя гэтага знойдзены накладкі на пояс, арабскія сярэбраныя манеты дырхамы, вагавыя гіркі-разнавагі. Усе знойдзеныя матэрыялы сведчаць пра развітую рамесную вытворчасць і актыўны гандаль як з суседнімі княствамі, так і з больш аддаленымі краінамі.
7. Сядзіба.
У 2022–2023 гг. падчас даследавання заглыблення ў паўднёвай частцы вала Вялікага гарадзішча былі знойдзены сляды згарэлай пабудовы, якая адносілася да сядзібнага комплексу. Драўляная пабудова, у якой знаходзілася печка з кафлі, была ўрэзана ў вал. Яна знікла ў выніку пажару ў другой палове XVII ст. і больш не аднаўлялася. Ад будынка захаваліся развал печы, якая была складзена з цэглы пальчаткі і звонку аздоблена зялёнапаліўнай кафляй, фрагменты згарэлай падлогі і бэлек. Зверху пажарышча было засыпана смеццем XVII–XIX стст. У выніку знойдзены фрагменты глінянага, паліўнага і дымлёнага посуду, вазоны для кветак, фрагменты шкляных бутэлек, фрагменты фаянсавых талерак, у тым ліку вырабленых на “Свержанскай мануфактуры”, фрагменты разнастайнай кафлі, вырабы з жалезу і каляровага металу, манеты і інш.